ЕЎРАПЕ́ЙСКІЯ СУПО́ЛЬНАСЦІ,
агульная назва трох узаемазвязаных рэгіянальных эканам. арг-цый: Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі (ЕАВС), Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі (Еўратам) і Еўрапейскай эканамічнай супольнасці (ЕЭС), утвораных у 1951—57. У сістэму Е.с. уваходзяць таксама інш. еўрап. інтэграцыйныя ін-ты (Еўрапейскі інвестыцыйны банк, Фонд еўрапейскага рэгіянальнага развіцця і інш.). У 1965 паводле Брусельскага дагавора створаны адзіныя органы трох супольнасцей. З 1986 Е.с. выкарыстоўваюць уведзены ў 1955 Саветам Еўропы еўрап. сцяг, у 1972 ода «Да радасці» Л.Бетховена на словы Ф.Шылера зацверджана ў якасці еўрап. гімна. Паводле Маастрыхцкіх пагадненняў 1992 Е.с. сталі афіц. называцца Еўрапейскім саюзам.
т. 6, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)